Категории раздела

Мои статьи [11]

Поиск





Пятница, 29.03.2024, 00:07
| RSS
Толочинский историко-краеведческий музей
Главная
Каталог статей


Главная » Статьи » Мои статьи

ГIСТОРЫЯ ДРУЦКАЙ ЗЯМЛI

Кожнаму, хто ведае, любіць і паважае гісторыю Беларусі назва Друцк здольна нагадаць многае. Узнік горад у вярхоўях поўнаводнай ракі Друць, на адным з важных адгалінаванняў вялікага шляху " з вараг у грэкі ”. Калісці князі друцкія і князі мінскія змагаліся за права на полацкі трон. Друцк бачыў пад сваімі сценамі не толькі полацкіх і мінскіх князеў , але і Уладзіміра Манамаха з сынам Мсціславам Вялікім і нават героя " Слова аб палку Ігаравым ” Ігара Святаслававіча. Непрыступнай крэпасцю стаяў Друцк у ХІ - ХІІ стагоддзях, а потым некуды знік, нібы праваліўся, і пра яго забылі.Гісторыя Друцка цесна звязана з гісторыяй найбольш старадаўніх беларускіх гарадоў, найперш з Полацкам, Менскам, Віцебскам. Агульнасць лесу прасочваецца ў паходжанні іх назваў. Свае найменні яны атрымалі ад назваў рэк, на якіх былі заснаваны. У летапісах і сярэднявечных дакументах назва горада абазначана словамі " Друческ ”," Друцьск ”. Гэтая назва ўтворана ад назвы ракі Друць. Яна мае балцкае паходжанне. " Друтас ” – "вялікі ” ці " шырокі ”. Друць дала гораду не толькі назву, але прадвызначыла яго гістарычны лес яшчэ ў той час, калі Друцк быў адным з племянных цэнтраў усходніх славян.
Гісторыя Друцка пачалася за некалькі стагоддзяў да таго, як друцкі князь Васіль Міхайлавіч і яго жонка Васіліса пазначылі на пергаменце першую, але вельмі значную падзею на гэтай зямлі – будаўніцтва ў горадзе ў 1001 годзе царквы Прасвятой Багародзіцы. Даравальны запіс у Друцкім Евангеліі пачынаецца словамі: " В лето 6509( 1001) створена бысть церкви сия святая Богородица въ граде во Дрютьсце ”. Археолагі лічаць, што горад быў заснаваны на месцы паселішча IV-V ст.н.э., аб чым сведчыць знойдзенная ў час раскопак на друцкім дзяцінцы арбалетная фібула таго часу. Друцк існаваў на некалькі дзесяткаў гадоў раней, чым звесткі пра яго трапілі ў летапіс. Невыпадкова, што тут пабудавалі царкву – адну з першых на Полацкай зямлі.У Лаўрэнцьеўскім спісе, у "Павучанне” Уладзіміра Манамаха запісана, што Уладзімір Манамах праехаў " воюя ”, праз Друцк у Чарнігаў. Манамах неаднаразова ўчыняў карныя паходы на Полацкае княства, на князя Усяслава Чарадзея." У тым паходзе ўслед за Усяславам спаліў я зямлю( Полацкую ), спустошыў яе ад Лукомля і Лагожска ды супраць Друцка ваюючы, ( вярнуўся ) у Чарнігаў.”( 1078 год ). Значыць, у 1078 годзе быў разрабаваны і спалены Друцк.
Упамінанне Друцка есць і ў летапісе " Аповесць мінулых гадоў ", якое адносіцца да 1092 года:" У год 6600( 1092 ) незвычайны цуд быў у Полацку. У наваджэнні д’ябальскім сярод начы быў тупат, спагнала апоўначы, гойсалі, як людзі д’яблы па вуліцам. Калі хто небудзь выходзіў з дому, жадаючы паглядзець, дык яго адразу нябачна параджалі д’яблы. Затым жа пачалі ( д’яблы ) днем з’яўляцца на конях, але не бачна іх саміх, а ( былі ) бачны коней іх капыты, і так паражалі яны людзей у Полацку і яго воласці. Таму і гаварылі людзі:" Мерцвякі б’юць палачан ". Гэта прыгода пачалася з Друцка ".Друцк неаднаразова ўпамінаецца і ў іншых летапісах, напрыклад, у Іпацьўскім летапісе 9 разоў ( Полацк – 10, Мінск – 8, Віцебск – 6 ), што ўскосна падкрэслівае яго ролю і значнасць у сістэме гарадоў і княстваў Полацкай зямлі.
У ХІ-ХІІ стагоддзі старажытны Друцк " перасягаў Віцебск і быў раўнавялікім Мінску " ( Л.В.Аляксееў ). Тут праходзіла заходняе адгалінаванне вядомага шляху " з вараг у грэкі " – сухапутны волак з басейна Заходняй Дзвіны ў басейн Дняпра. Жыць на ім было выгадна , тут сяліліся " валачане ", якія мелі цяглавую жывелу, " колы" і іншыя прыстасаванні для транспарціроўкі грузаў.
Свае месца паміж суседзямі, паходжанне і свае заняткі жыхары Друцка і старажытнай друцкай зямлі захавалі ў назвах навакольных паселішч і весак. Напрыклад, назва вескі Пярэвалачная, якая знаходзіцца непадалек ад Друцка, сведчыць, што стаяла яна на старажытным волаку, што яе жыхары перавалаквалі судны, якія плылі з Балтыйскага рачнога басейна ў Чарнаморскі, магчымаяшчэ ў тыя часы, калі сам Друцк быў невялічкім паселішчам.Каля Друцка, на той жа рацэ Друць, верагодна, у тыя часы, а можа і крыху паздней існаваў населены пункт Талачын. Яго назва узнікла ад талакі, што збіралася для перацягвання суднаў з ракі Усвіж-Бук ( басейн Зах.Дзвіны ) у Друць ( басейн Дняпра ).Сярэдневяковая гісторыя Друцка вельмі шчыльна звязана з Полацкам. Полацкае княства, як тэрытарыяльная адзінка ў летапісах вядома пад назвай " зямля ”. Усе 14 гарадоў Полацкай зямлі таго часу, уключаючы Друцк, былі " малодшымі ” ў адносінах да Полацка і называліся " прыгарады ” незалежна ад таго, на якой адлегласці яны знаходзіліся ад Полацка. Прыгарад абавязан быў падпарадкоўвацца пастановам старшага горада, але меў пэўную самастойнасць у выкананні пастаноў.
Друцкая воласць займала прастору ўздоўж рэк Друць, Усвейка, Бобр, Абалянка. Друцк кантраляваў увесь гандлевы шлях па рацэ Друць. Пасля смерці Полацкага князя Усяслава Чарадзея ( 1101 год ) адбылося канчатковае афармленне княжацкіх удзелаў з цэнтрамі ў Менску і Друцку, дзе быў пакладзены пачатак галіны друкціх князеў.Гісторыкі мяркуюць, што першапачаткова Друцк належаў сыну Усяслава Барысу, а потым сфарміраваўшыйся ўдзел адышоў сыну Барыса Рагвалоду і яго нашчадкам. Пра друцкіх князеў неаднаразова гаворыцца на старонках летапісаў у 40-50 гады ХІІ стагоддзя. Важнейшым абавязкам князя была арганізацыя войска і камандаванне ім. Апорай княжацкай улады ў Друцку была дружына. Яна складавалася з груп узброенных людзей, якія акружалі князя, былі яму асабіста адданыя і падзялялі ўсе яго інтарэсы. Дружына жыла пры двары князя ў дзяцінцы Друцка. З яе выходзілі слугі князя, яго целаахоўнікі і службовыя асобы.
У Друцку і Друцкім удзельным княжастве князю належыла важная роля ў арганізацыі ўлады. Князь павінен быў клапаціцца пра бяспеку і абарону свайго княства ад нападкаў іншых правіцеляў. Ен кіраваў зносінамі з іншымі князямі. Мог пайсці вайной на суседніх князеў ці заключыць з імі мір. Другім абавязкам князя быў збор даніны і іншых пабораў з насельніцтва для дзяржаўных патрэб і ўтрымання сваей дружыны. Князь ажыццяўляў суд. У яго распараджэнні знаходзілася ўпраўленне княствам. Ен назначаў цівуноў, мытнікаў, ключнікаў.Акрамя княскай улады, адчувалася ўлада веча – народнага схода. Да нас дайшлі цікавыя звесткі аб дзейнасці веча ў Друцку і яго ўзаемаадносінамі з полацкім вечам. Пасля смерці ў 1129 годзе друцкага князя Барыса Усяслававіча ў Друцку стаў княжыць сын Барыса – Рагвалод Брысавіч. У 1146 – 1151 гадах не быў вялікім князем усей Полацкай зямлі, але ў барацбе з мінскім князем Расціславам Глебавічам быў захоплены і ў 1156 годзе ў Мінску кінуты ў цямніцу. Паводле паведамлення Іпацьеўскага летапіснага зводу, у 1151 годзе палачане схапілі княўзя Рагвалода Брысавіча і саслалі ў Менск, як паздней высветлілася без усякай віны перад вечам. Князя маглі прагнаць з горада за тое, што ен ен выконваў ці парушаў дагавор, заключаны вечам, за няўдалыя ваенныя дзеянні і г.д. У Менску Рагвалода ў турме, а Полацкае веча запрасіла да сябе другога князя полацкай дынастыі Расціслава Глебавіча, які княжыў да гэтага ў Менску.
Заняўшы прастол у Полацку, Расціслаў назначыў свайго сына Глеба пасаднікам у малодшы горад Друцк. Сыны князя пры жыцці бацькі маглі ўпраўляць удзелам – воласцю толькі ў якасці пасадніка князя-бацькі,самастойнымі ўладальнікамі яны не лічыліся. У 1159 годзе Рагвалод Брысавіч уцек з палона, апынушыся ў Слуцку, узнавіў связі з жыхарамі Друцка. " Дручане ж были рады ” і звалі яго да сябе,гаворачы "калі б нам давялося за цябе біцца, будзем біцца і з дзяцьмі”.Адсюль вынікае, што ў Друцку дзейнічала веча. У вечавам сходзе мелі права ўдельнічаць толькі дарослыя мужчыны. Дзеці, здольныя насіць зброю, у вечы не ўдзельнічалі. Так было паўсюдна, ва ўсіх вечавых гарадах. Палачачане, незадаволеныя сваім князем, наладзілі адносіны з Друцкам і скінулі Расціслава " мнози бо хотяху Рогволода ” . Расціслаў уцек у свой Мінск, а Рагвалод зноў узначаліў Полацкую зямлю. У 1162 годзе Рагвалод зноў прайграў барацьбу з мінскімі Глебаваічамі за полоцкі трон і вымушаны быў шукаць паратунку ў родным Друцку. Імя друцкага князя Рагвалода Барысавіча было выбіта на так званым Рагвалодавым камені – вялікім валуне, які ляжаў на ўсход ад Друцка каля Галошава.Так на працягу ХІІ стагоддзя ў Друцку абаснаваліся нашчадкі Усяслава Чарадзея і яго сына Барыса – князі Барысавічы.
У старажытнарускіх летапісях няма звестак пра Друцк ХІІІ стагоддзя. Але выклікае цікавасць паведамленне беларуска-літоўскіх летапісаў. У Хроніцы Быхаўца гаворыцца : пасля разгрому Кіева татарамі кіеўскі князь Дзімітрый "… пачуў, што мужыкі жывуць без гаспадара і звуцца дручане . Ен сабраў людзей і пайшоў да Друцка і пасяліўся ў зямлі Друцкай і зрубіў горад Друцк і назваўся вялікім князем друцкім.”У 1240 годзе Дзімітрый сапраўды быў у Кіеве, але не князем, а тысяцкім. Ен кіраваў абаронай горада пры нападзе татараў.З Іпацьеўскага летапісу мы ведаем, што пасля таго, як Кіеў паў"… Воеводу же Дмитра раненого вывели татары и не убили мужества его ради .” Манголо-татарскае нашэсце ў ХІІІ стагоддзі абмінула большасць гарадоў на тэрыторыі Беларусі, і яны працягвалі самастойна расці і развівацца.
Мала мы ведаем і пра Друцк XV стагоддзя. У дакументах 1402 года ўпамінаецца князь Андрэй Друцкі, забіты ў бітве на рацэ Ворксла. Есць не вельмі дакладныя звесткі пра друцкага князя Івана Бабу і яго брата Пуцяту. Абодва названы друцкімі князямі, якіх у ліку іншых Вітаўт паслаў на барацьбу супраць татарскіх ханаў. У XV стагоддзі друцкія князі падзялілі княства на шэраг дробных удзелаў і сталі звацца Друцкія-Саколінскія, Друцкія-Багрынаўскія, , Друцкія-Прыхабскія , Друцкія-Любецкія.У 1508 годзе ўсе яны кінулі свае ўдзелы і перайшлі пад уладу Масквы, атрымаўшы новыя паветы. З пачатку 16 стагоддзя Друцк вядомы, як геаграфічнае паняцце. Неўзабаве прамы шлях на Маскву праз Талачын стаў больш папулярны ,а старым шляхам праз Друцк карысталіся толькі купцы-гандляры кантрабанднымі рэчамі.

                                                                                                               ДРУЦК У СВЯТЛЕ АРХЕАЛАГIЧНАЙ НАВУКI.

Друцк, як важнейшы археалагічны помнік Полацкай зямлі, з’яўляецца аб’ектам вывучэння археолагаў.Першае даволі падрабязнае апісанне знаходзіцца ў спісе археалагічных помнікаў, складзенным у 1873 годзе. У 1930 годзе помнікі Друцка вывучаў беларускі археолаг А.Дз.Каваленя. Ен зняў план дзяцінца і вакольнага горада, зрабіў невялікія раскопкі.Упершыню сістэмныя археалагічныя раскопкі ў Друцку праводзіў маскоўскі археолаг Л.В.Аляксееў у 1956-1962, 1965, 1967 г.г., у ходзе якіх атрыманы вялікі матэрыял, што дазваляе асвятліць страчаныя старонкі гісторыі горада.Як сярэднявечны цэнтр воласці, Друцк размяшчаўся ў вярхоўях ракі Друць, правага прытоку Дняпра. Раскопкі дазволілі даволі поўна ўзнавіць гісторыю горада. Ен быў заснаваны на месцы паселішча 4-5 стагоддзя н.э. Княжацкая частка горада – дзяцінец у форме правільнага чатырохвугольніка ( 80х140 м ) складае прыкладна 1 га і знаходзіцца на вышыні 22 метра над узроўнем ракі. Дзяцінец быў абнесены валам вышыней да 10 метраў. Глябіня рва вакол яго цяпер складае на захадзе 6 м, на поўдні 12 м. З поўначы да дзяцінца прымыкае вакольны горад, абнесены дугападобным рвом і валам вышыней да 7 метраў.Датаваць самы ранні друцкі культурны слой дапамагаюць знойдзенныя ў ім рэчы. Напрыклад кубічны замок – адзіны тып замкоў вядомы ў Х-ХІ ст. У ХІІ ст. падобныя замкі ўжо не сустракаліся.Каб трапіць да князя, трэба было праз пад’емны мост над рвом праехаць у набрамную вежу вакольнага горада, потым узняцца на гару дзяцінца і праехаць праз другую набрамную вежу.Пад сценамі горада быў пасад, каля якога ўзвышаліся старажытныя курганы, рэшткі калісьці вялікага курганнага магільніка. Такім чынам, пры раскопках былі выяўлены ўсе часткі горада Друцка раннягя сярэднявечча: дзяцінец, вакольны горад, пасад і курганныя магільнік ХІІ-ХІІІ ст. Такога, амаль цалкам захаванага комплексу не мае ні адзін старажытны беларускі горад і Друцк у гэтым сэнсе – класічны комплекс.
На дзяціны жыў князь, ускраіну займалі рамеснікі і князева абслуга. ( 9 ) Жыцце дзяцінца цесна звязана з ваенным побытам, знойдзена шмат рэчаў ваеннага ўжытку: наканечнікі стрэл, навершы мяча, фрагменты кальчугі, накладкі і петлі калчана. У штодзенным побыце жыхары дзяцінца карысталіся шматлікімі дробнымі рэчамі: замкамі, крэсівамі, грэбнямі, ручнымі жорнамі, гліняным посудам.
Друдчане выдзяляліся высокай культурай. Пісменнымі былі не толькі манахі і багатыя людзі. Знойдзена праселка з надпісам къняжинъ , зашчэпкі для кніг, пісалы, праселка з іменем лола, пяць шахматных фігур з розных камплектаў, крыжы-энкалпіены, нацельныя крыжы.
У пачатку ХІІ ст. ў цэнтры дзяцінца ўзнікла плошча, на поўдзень ад яе былі пракладзены дзве вузкія і крывыя вуліцы: галоўная вяла да ўезду ў горад, а перпендыкулярна да яе, уздоўж паўдневага вала, ішла другая. Непадалеку знаходзілася студня. У заходняй частцы дзяцінца знойдзены рэшткі двух створаных у розны час вялікіх будынкаў з пячамі-каменкамі. Іншыя тут і знаходкі. Больш упрыгожанняў, сярэбраны бранзалет, бронзавы бранзалет, залатыя пацеркі, сярэбраны пярсценак з княжацкім знакам, музычны інструмент варган.Відаць гэта тэрыторыя была блізкай да княжацкіх харомаў або часткай " къняжа двора ”. Археалагічныя раскопкі паказалі, што царква ў Друцку несумненна была. Выяўлена шмат тыповых для старажытнарускіх цэркваў плітак, якімі звычайна масцілі падлогу, рэшткі бронзавага хораса ( царкоўнай люстры ).
Як і ў многіх іншых сярэднявечных гарадах, у Друцку асабліва шмат бытавой керамікі, некаторыя пасудзіны маюць на днішчах нескладаныя рэльефныя клеймы, відаць майстроў, якія іх выраблялі.Знойдзен цэлы збан з ручкай – амфара кіеўскага тыпу, у такім посудзе звычайна ставілі на стол віно.Сувязь жыхароў Друцка з сельскай гаспадаркай пацвярджаюць знойдзенныя два сярпы, сашнік, абломак касы-гарбушы.Раскопкі ў Друцку папоўнілі новымі звесткамі нашы веды пра стан гандлевых сувязей гарадоў Полацкай зямлі. У 1965 годзе на дзяцінцы ў верхнем пласце знойдзена сярэбраная плацежная грыўна, вагой 98.4 г. Формаю гэты злітак палачкападобны. У Друцку знойдзена " свінцовая ” пломба. Шырока бытуе меркаванне, што пломба прывешвалася да цюкоў з таварам, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. На думку некаторых даследчыкаў, у той час усходнія славяне выкорыстоўвалі " футравыя " грошы, а пломба, што прывешвалася да вязкі футраў, надавала ім значэнне грошаў.
Шкляныя бранзалеты ў Друцк прывозіліся з Кіева, Полацка, Смаленска.
У вакольным горадзе праводзіліся невялікія раскопкі. Сляды пажарышча сведчаць, што ен быў двойчы спалены. Мяркуючы па фрагментах керамічнага посуду, вакольны горад узнік у канцы ХІ- пачатку ХІІ ст.ст. У вакольным горадзе сустракаліся і маелікавыя пліткі, такія ж, як і на дзяцінцы.Вал вакольнага горада насыпаўся двойчы. Ен меў шматпластовы вонкавы схіл, які ўтварыўся ў выніку абпальвання на ім чырвонай гліны. У падножжы насыпу вала вялікая колькасць буйных і сярэдніх валуноў, якое дасягае ў вышыню 0.6 – 0.8 м.У Талачынскім краязнаўчым музеі знаходзіцца асобныя знаходкі з тэрыторыі старажытнага Друцка ( раскопкі В.М.Ляўко ).Шмат знаходак перададзена мясцовай школай , а таксама выпадкова атрыманы з месцаў агалення культурных напластаванняў. Матэрыялы з раскопак Л.В.Аляксеева знаходзяцца ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, некаторыя прадметы – у Нацыянальнам музеі Рэспублікі Беларусь.

                                                                                                    АСОБНЫЯ ПРАДСТАЎНІКІ РОДА КНЯЗЕЎ ДРУЦКІХ.
Друцкае княства было адным з найбольш старажытных і магутных феадальных уладанняў, а яго князі прадстаўлялі найбольш разгалінаваны і ўплывовы род на тэрыторыі Беларусі.
Шматлікія галіны роду Друцкіх у ВКЛ карысталіся адзіным гербам, вядомым як герб " Друцк ” ( на чырвоным шчыце – сярэбраны меч рукаяццю ўгору, абапал яго чатыры залатыя паўмесяцы ).
З Друцкай зямлей звязаў лес Соф’ю Гальшанскую (Друцкую) (1405- 21.09.1461 г.г.), польскую каралеву, заснавальніцу дынастыі Ягелонаў. Старажытны княжацкі род Гальшанскіх меў радавы маентак у Гальшанах ( недалека ад Ашмянаў ). Пасля смерці князя Андрэя Гальшанскага, яго жонка Аляксандра Дзмітрыеўна Друцкая разам з дачкамі Васілісай, Соф’яй і Марыяй пераехалі ў Друцк да роднага брата Сямена Друцкага. Амаль нічога не вядома пра дзяцінства Соф’і ў Друцку, акрамя таго, што выхоўвалася яна разам з шасцю стрыечнымі братамі.Да шлюбу Ягайлы з Соф’яй у гісторыкаў станаўленне неадназначнае.Паводле Я.Длугаша, вызначалася князеўна"прыгажосцю болей, чым цнотамі ”." Было ў мяне тры жонкі, дзве ляхавіцы, а трэцяя немка, але плоду з имі не меў, а цяпер прашу цябе, сасватай мне ў князя Сямена пляменніцу меньшую Софію, каб я за сябе яе замуж узяў, можа хоць з роду рускага мне Бог дзяцей дасць ” - так занатаваў летапісец у Хроніцы Быхаўца зварот Ягайлы да Вітаўта. Шлюб Ягайлы з Соф’яй адбыўся ў Навагрудку 24 сакавіка 1422 года. На момант жаніцьбы Ягайлу быў 71 год, а яго чацьвертай жонцы – толькі 17. У няпростай сітуацыі, якая склалася каля Соф’і, яна зрабіла выбар і свядома звязала сябе з адной з груповак, каб далей карыстацца яее падтрымкай. Рашэнне было смелым, бо ставіла яе супраць тых,хто выдвінуў яе наверх, у тым ліку і Вітаўта, сваяка і апекуна, адносіны з якім увесь час былі няпростымі.Асабістай перамогай Соф’і стала каранацыя 12.02.1424 г. у Кракаве. 31 лістапада 1424 года каралева Соф’я нарадзіла Ягайлу сына Уладзіслава. Пазіцыі каралевы ўзмацніліся. У пісьме папе Марціну V Ягайла назваў сына " дзедзічам на цэлым абшары ”. З’явіўся законны спадкаемца вялікакняскай кароны, у Польшчы становішча каралевіча заставалася невысветленым. Соф’я распачала барацьбу за прызнанне сына спадкаемцам кароны і ў Польшчы, а таксама за прызначэння сябе рэгенткай на выпадак, калі б Ягайла памер да паўналецця сына.
10 траўня 1426 г. Соф’я нарадзіла другога сына – Казіміра, які пражыў мала і быў пахаваны ў каралеўскай катэдры. 30 лістапада 1427 года з’явіўся на свет трэці сын, якога ахрысцілі Казімірам Андрэем. За некалькі месяцаў да яго нараджэння сярод каралеўскіх набліжаных распаўсюдзіліся чуткі, быццам дзіця народжана не ад мужа. Ягайла паверыў і пачалося дазнанне. За Соф’яй пачалі сачыць. Год шукалі доказаў Соф’інай нявернасці. Сойм у Гародне паставіў кропку ў гэтым скандале. Соф’я прынесла клятву ў сваей невіноўнасці, прыйшло жаданае прымірэнне.
У маі 1434 года 80-гадовы Ягайла захварэў і хутка памер. Апошнія яго просьбы былі аб абранні каралем старэйшага сына і даручэнні апекі над каралевічам Зб.Алясніцкаму. На дзень смерці Ягайлы Соф’і споўнілася 29 гадоў, яе сынам – 10 і 7 гадоў. 18 чэрвеня 1434 года польскім каралем быў абраны Уладзіслаў. Праз дзесяць гадоў ен загінуў пад Варнай.25 чэрвеня 1447 года ў Кракаве каранаваўся Казімір. Соф’я стала для сына дарадцам, у сваей знешняй палітыцы Казімір абапіраўся на даўніх прыхільнікаў маці.Соф’я дачакалася чатырох унукаў і адной унучкі. Памерла Соф’я 21 верасня ва ўзросте 56 гадоў. Пахавалі каралеву ў Вавельскім катэдральным касцеле ў капліцы св.Тройцы. Па завяшчанню Соф’і яе цела паклалі каля заходняй сцяны, па беларускіх звычаях, бо ў праваслаўных гэты бок свету сімвалізуе вечнасць…
Леў Сапега ( 1557 – 1633 г.г ) сын Івана Сапегі і Багданы Канстанцінаўны Друцкай-Саколінскай ( Каноплі ), з’яўляецца нашчадкам князеў Друцкіх па жаночай лініі.Нарадзіўся ў маентку Астроўна на Віцебшчыне. Леў Сапега атрымаў бліскучую адукацыю – спачатку ў Нясвіжскай пратэстанцкай школе, а затым у Ляйпцыгскім універсітэце; свабодна валодаў пяццю мовамі.Па вяртанні з Нямеччыны Леў Сапега быў заўважаны Сцяпанам Батурам і прыняты на службу да вялікага князя.У 1584 годзе Леў Сапега ўзначаліў надзвычай адказнае пасольства ў Маскву, у часе якога выявіў неардынарныя дыпламатычныя здольнасці, дамогшыся падпісання вельмі выгаднага для Беларусівечнага міру ”, за што і быў у 1585 годзе прызначаны на пасаду падканцлера.З 1589 года як канцлер Леў Сапега кіраваў замежнай палітыкай ВКЛ . Ен падрыхтаваў і дамогся зацвярджэння Статута 1588 года, які гарантаваў эканамічную, палітычную ды культурную незалежнасць Вялікага Княства ад Польшчы і Масковіі.Ужо тады Леў Сапега з’яўляўся прыхільнікам моцнай дэмакратычнай, прававой дзяржавы, дзе, паводле ягоных слоў, " павінны панаваць законы, а не асобы ”.Леў Сапега адыграў вырашальную ролю ў часе буйных ваенных кампаніяў на ўсходзе ў 1609 – 1611 і 1617 – 1618 гадах. Дзякуючы ягонай асабістай мужнасці і палітычнаму таленту ВКЛ тады прыкметна пашырыла свае межы, вярнуўшы назад свае старадаўнія землі.Пра незвычайнасць асобы Льва Сапегі, яго патрыятызм сведчыць той факт, што ў час вайны ВКЛ са Швецыяй ( 1625 – 1629 г.г. ) ен ахвяраваў амаль усю сваю маемасць на ўтрыманне войскаў.
Дзякуючы чыннасці Льва Сапегі Беларусь не толькі здолела захаваць сваю незалежнасць у складаны гістарычны момант, але і перажыло новы перыяд эканамічнага і палітычнага росквіту, які з поўным правам можна назваць " эпохаю Льва Сапегі ”.

ТАЛАЧЫНСКІ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ.                                                                                                                                                                                                                                         І.Э.Цішкова

                                                                                                                                         Літаратура

1. Друцк старажытны. Мінск " Беларуская Энцыкла-
педыя ” , 2000 год.

2. Памяць. Талачынскі раен. Мінск " Беларуская Са-
вецкая Энцыклапедыя ”, 1988 год.

3. 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі.
Мінск , рэдакцыя газеты " Звязда ”, 1993 год.

4. Справаздача Ляўко В.М. аб археалагічных даследваннях Друцка ў 1999 годзе.

5. Друцк летапісны. Друцкае Евангелле. Мінск " Бе-
ларуская Энцыклапедыя ”, 2001 год.

6. Алексеев Л.В. Полоцкая земля / очерки истории
Северной Белоруссии / в ІХ – ХІІІ в.в. Москва, " На-
ука ” , 1966 год.

7. Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли / ІХ –
ХІІІ в.в. Минск, " Наука и техника ”, 1978

Категория: Мои статьи | Добавил: маз (28.04.2012)
Просмотров: 1598 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Copyright MyCorp © 2024